Абагульненне вопыту работы

Вопыт работы па тэме:

“Актыўная ацэнка – новая стратэгія навучання\»

настаўніцы беларускай мовы і літаратуры I катэгорыі Калюты Вольгі Мікалаеўны

Тэма: Актыўная ацэнка – новая стратэгія навучання

Мэта: даць кожнаму вучню магчымасць максімальна выкарыстаць свой патэнцыял і дасягнуць высокіх паказчыкаў у навучанні.

Актуяльнасць і перспектыўнасць вопыту:

Усе мы адчуваем крызіс традыцыйнага спосабу навучання. Настаўнікі з розных краін шукаюць новыя метады выкладання, якія дазвалялі б глыбей уцягнуць вучняў у працэс навучання, бо старыя метады ўжо не працуюць. У нашай школе мы галоўным чынам выкарыстоўваем ацэнку падсумоўваючую, якая служыць толькі адзнакай вучнёўскай працы. У адрозненне ад гэтага, мэтай актыўнай ацэнкі з’яўляецца перш за ўсё паляпшэнне працэсу навучання. Такая ацэнка заклікае вучня браць на сябе адказнасць за ўласнае навучанне і дапамагае настаўніку і навучэнцам распрацоўваць план далейшых дзеянняў. Такім чынам мы дапамагаем вучням вучыцца і адказваць за свае поспехі.

Асноўны накірунак вопыту: вопыт працы Калюты В.М. па тэме “Актыўная ацэнка – новая стратэгія навучання” адрасаваны настаўнікам-прадметнікам, якія працуюць у сістэме адукацыі.

Інфармацыя пра настаўніка:

Калюта В.М. – настаўніца беларускай мовы і літаратуры,

1 катэгорыі,

1975 года нараджэння.

Адукацыя – вышэйшая, Брэсцкі дзяржаўны універсітэт (1998г. №0040304), настаўнік беларускай мовы  літаратуры.

Стаж – 18 гадоў.

Курсы – 2011г.; 2014 г.

Калюта В.М. выкладае беларускую мову і літаратуру, выдатна валодае тэарэтычнымі асновамі свайго прадмета, любіць  дзяцей, вучыць іх лінгвістычным навыкам, развівае маўленне вучняў, фарміруе асобу дзіцяці. Праз прадмет мовы і літаратуры  настаўніца выхоўвае  высокую нацыянальную  самасвядомасць  праз далучэнне іх  да нацыянальнай мовы і культуры,  народнай педагогікі. Настаўніца фарміруе ў школьнікаў  разуменне самабытнасці і непаўторнасці беларускай мовы, абуджае павагу да роднай мовы, захапленне яе прогажосцю.

Настаўніца выкарыстоўвае сістэмна-апісальны і камунікатыўна дзейнасны падыходы да  выкладання беларускай мовы. У працэсе навучання мове настаўніца рэалізуе прынцыпы каардынацыі вуснага маўлення і пісьмовага моўнага выкладу думак.

Настаўніца працуе над павышэннем ўзроўню матывацыі і пазнавальнай актыўнасці вучняў, умее слухаць вучня, ставіць яго ў сітуацыю   поспеху, дапамагае вучням праз дыферэнцыраваныя  заданні і індывідуальную працу авалодваць роднай мовай.

Калюта В.М. рацыянальна выкарыстоўвае час урока, паясняе матэрыял лагічна, навукова, паслядоўна.

Настаўніца выкарыстоўвае метады параўнання, доказу, дыферэнцыяцыі. Настаўніца будуе ўрокі з улікам псіхалагічных асаблівасцей вучняў, законаў пазнання.

Настаўнік беларускай мовы і літаратуры Калюта В.М. у гэтым навучальным годзе на дыстанцыйнай аснове ўдзельнічала і паспяхова завяршыла навучанне ў рэспубліканскай творчай групе па тэме “Актыўная ацэнка”.

Метад актыўнай ацэнкі – гэта не штосьці новае. Актыўная ацэнка азначае свядомае і мэтавае выкарыстанне настаўнікам сістэмы метадаў і прыёмаў, якія вядомы настаўніку.

Тэрмін “Актыўная ацэнка” запазычаны з Вялікабрытаніі.

У Беларусі папулярызацыя методыкі актыўнай ацэнкі пачалася ў 2009 годзе пасля прыезду Дануты Стэрна, выдатнага польскага педагога, ініцыятаркі ўкаранення методыкі актыўнай ацэнкі ў Польшы.

Метад актыўнай ацэнкі:

  1. паляпшае вынікі навучання;
  2. фармуе ключавыя кампетэнцыі – вучыць вучыцца;
  3. дапамагае адукацыі вучняў, якія маюць цяжкасці ў навучанні;
  4. выконвае матывацыйную функцыю;
  5. змяняе адносіны паміж настаўнікам і вучнем.

Узнікла супярэчнасць – частка вучняў не бачыць  сэнсу ў навучанні, вучні не жадаюць хадзіць у школу, настаўнік не з’яўляецца больш аўтарытэтам толькі таму, што ён – настаўнік, патрэбны новыя метады выкладання, якія дазвалялі б глыбей уцягнуць вучняў у працэс навучання. Актыўная ацэнка – дзейсны метад паляпшэння вучнёўскіх вынікаў.

Элементы актыўнай ацэнкі

Пры актыўнай ацэнцы настаўнік вызначае мэты ўрока і фармуліруе іх так, каб вучні ведалі куды яны ідуць і чаго жадаюць дасягнуць. Мэты настаўніца фармулюе так, што іх разумее кожны вучань. Напрыканцы ўрока вучні з настаўнікам правяраюць, ці дасягнулі яны пастаўленных мэт.

Актыўная ацэнка мае на мэце дапамагчы вучню зразумець, што ён зрабіў так, а што не так, і як ён можа палепшыць сваю працу.

Актыўная ацэнка стварае атмасферу, якая спрыяе навучанню. Метад актыўнай ацэнкі, умела арганізаваны настаўніцай Калютай В.М., павышае самаацэнку, у вучняў з’яўляецца зацікаўленасць і самастойнасць, здольнасць да супрацоўніцтва і свядомае стаўленне да навучальнага працэсу.

Калюта В.М. ведае, як сфармуляваць ключавыя пытанні, якія скіроўваюць вычняў да мыслення, валодае метадамі задавання пытанняў, эфектыўна прымяняе метад зваротнай сувязі, якая цесна звязана з раней вызначанымі крытэрыямі ацэнкі.

Калюта В.М. уводзіць і практыкуе метад узаема- і самаацэнкі. Калі вучань зможа сам ацаніць, як шмат ён даведаўся і што яшчэ неабходна зрабіць, каб дасягнуць жаданай мэты, то гэта дапамагае яму ў працэсе навучання і робіць яго актыўным удзельнікам гэтага працэсу.

Перавагі і недахопы актыўнай ацэнкі

Цяжкасці, згаданыя настаўніцай пры выкарыстанні актыўнай ацэнкі:

  1. працаёмкасць падрыхтоўкі да ўрока (мэты, крытэрыі ацэнкі, ключавыя пытанні);
  2. фармуляванне ключавых пытанняў;
  3. скарачэнне колькасці адзнак;
  4. праца з бацькамі і вучнямі, каб схіліць іх да актыўнай ацэнкі;
  5. прывіванне вучням навыкаў узаема і самаацэнкі.

 Перавагі:

  1. Вучні пачынаюць працаваць не дзеля адзнакі, яны разумеюць, што вучацца толькі для сябе.
  2. Навучанне прыносіць задавальненне і становіцца свядомым.
  3. Школа становіцца прыцягальнай, цікавай і спрыяльнай для дзіцячага развіцця.
  4. Вучні падрыхтаваны да самастойнага рашэння задач, вучні заахвочаны да актыўнай працы, да ўзаемадапамогі.

У настаўніцы Калюты В.М. атрымалася выкарыстанне новага метаду дзякуючы таму, што яна выконвала ўсе правілы актыўнай ацэнкі і рабіла гэтую працу сістэмна.

Вольга Мікалаеўна выдатна ўмее планаваць вывучаемы матэрыял, назіраць за працэсам навучання, аналізаваць і тлумачыць атрыманую інфармацыю аб працэсе і яго выніках, карыстаецца зваротнай сувязю. Настаўніца дапамагае і вучыць ацэньваць  саміх сябе.

Яна ўмее засяродзіць ўвагу на поспехах і дасягненнях вучняў, а не на адсутнасці прагрэсу, стымулюе вучняў да вучобы. Настаўніца тактоўна дае інфармацыю і парады вучням, каб яны маглі планаваць свае наступныя крокі ў працэсе навучання. Вольга Мікалаеўна паказвае моцныя бакі вучня і дае парады, як іх развіваць і як змагацца з цяжкасцямі.

Назіраючы за настаўніцай і вучнямі ў працэссе навучання можна зрабіць вывад, што актыўную ацэнку можна прымяняць ва ўсіх абласцях, дзе ёсць навучанне. Яе мэтай павінна быць імкненне даць кожнаму вучню магчымасці максімальна выкарыстаць свой патэнцыял і дасягнуць высокіх паказчыкаў. Настаўніца ўмела адзначае і прызнае дасягненні навучэнцаў.

Добавить комментарий