Усёй сям’ёй да здаровага ладу жыцця

15 лістапала ўвесь свет адзначыў Міжнародны дзень адмовы ад курэння. Ён традыцыйна праводзіцца кожны трэці чацвер лістапада па ініцыятыве Еўрапейскага бюро Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ).

   

Усім нам вядома, што самай распаўсюджанай шкоднай звычкай з’яўляецца курэнне, якое спрыяе ўзнікненню шматлікіх хвароб, якія нярэдка прыводзяць да гібелі. Людзі  рызыкуюць пагоршыць уласнае здароўе, але працягваюць курыць, не звяртаючы ўвагі на статыстыку, якая палохае сваімі звесткамі аб колькасці ахвяр курэння.

Неабходна адзначыць, што гэтая шкодная звычка  з кожным годам усё больш маладзее, таму што несвядомыя падлеткі робяць няправільны выбар. Каб гэтага не здаралася, трэба выхоўваць прыхільнасць да здаровага ладу жыцця з самага маленькага ўзросту. І пачынаецца ўсё з сям’і, таму што бацькі – самы галоўны прыклад для маленькага чалавека, якія сваёй уласнымі поглядамі і адносінамі да шкодных звычак фарміруюць уяўленне аб гэтым свайго дзіцяці.

Менавіта з нагоды Міжнароднага дня адмовы ад курэння валанцёры Чырвонага Крыжа і першаснай арганізацыі БРСМ ДУА «Сярэдняя школа №5 г.Пружаны» 17 лістапада правялі на плошчы каля магазіна «Белмаркет» акцыю «Усёй сям’ёй да здаровага ладу жыцця». Юныя аматары здаровага ладу жыцця прапанавалі землякам прыняць удзел у віктарыне «Сто пытанняў пра здароўе» і заклікалі адмовіцца ад шкодных звычак, а для добрага настрою раздавалі цукеркі, да якіх былі прымацаваны парады па зберажэнню здароўя і адмовы ад курэння.

Рэпарцёры школьнага тэлебачання «Пяцёрачка», якія працавалі разам з валанцёрамі, размаўлялі з удзельнікамі акцыі і задавалі пытанні мінакам. «Здаровы лад жыцця неабходна весці, каб нараджаліся здаровыя дзеткі» — трымаючы за руку свайго мужа, які пагойдвае каляску з маленьким сынам, кажа Слабада Ганна. «Чаму трэба берагчы сваё здароўе?» — разважае сталы мужчына, — Як гаворыцца, не будзе нас, не будзе і нашай дзяржавы!» «Каб быць самымі шчаслівымі, каб ніколі не сумаваць, каб усміхацца кожны дзень,» — наўзахваткі гамоняць дзяўчынкі.

Прыемна было назіраць за ўсмешкамі дзяцей і дарослых, якія атрымалі смачны падарунак разам з рэкамендацыямі па здароваму ладу жыцця. Мне здаецца, што менавіта такія яркія і пазітыўныя  акцыі запамінаюцца адрасатам і спрыяюць разуменню ў падрастаючага пакалення неабходнасці берагчы сваё здароўе і нагадваюць, што ні ў якім разе не варта мець нічога агульнага з такой шкоднай звычкай як курэнне.

У заключэнні хочацца дадаць, што менавіта ў сям’і нараждаецца самае лепшае імкненне дзіцяці, яго звычкі і прыхільнасці. Бацькі — з’яўляюцца безумоўнымі аўтарытэтамі для сваіх дзяцей, таму мы, валанцёры, заклікаем імкнуцца да здаровага ладу жыцця ўсёй сям’ёй!

Рыгаль Ксенія, вучаніца 11 «А» класа.

 

Добавить комментарий