Еўфрасіння Полацкая, адна з самых цікавых і шанаваных асоб у беларускай гісторыі, нарадзілася на пачатку ХІІ стагоддзя ў Полацку. Дзень памяці святой Еўфрасінні Полацкай адзначаецца штогод 5 чэрвеня.
Прадслава, як назвалі бацькі будучую заступніцу беларускіх зямель, паходзіла з сям’і полацкіх князёў, але замест пажаданага дынастычнага шлюбу абрала манаскі лад жыцця. Яна тайна прыйшла ў манастыр і прыняла пострыг пад імем Еўфрасінні.
Спачатку маладая манашка пасялілася ў келлі Сафійскага сабора. За манастырскімі сценамі Еўфрасіння змагла цалкам аддацца кнігам, што зрабіла яе адной з самых адукаваных жанчын таго часу ў Еўропе. Яна перапісвала і перакладала кнігі з іншых моў. Яе намаганнямі папаўнялася бібліятэка Сафійскага сабора.
Вялікі размах пашырэнню пісьмовага слова Еўфрасіння надала, заснаваўшы ў Полацку жаночы, а потым і мужчынскі манастыры. Там былі адчыненыя адмысловыя майстэрні па перапісванні кніг. У створаных асветніцай школах юныя палачане, апрача царкоўна-славянскай, вучылі грэцкую і лацінскую мовы, атрымлівалі звесткі з прыродазнаўства і медыцыны, значная ўвага аддавалася гісторыі.
Еўфрасіння праславілася як першая беларуская мецэнатка. На яе сродкі ў XII стагоддзі была пабудавана царква святога Спаса – вяршыня полацкай архітэктурнай школы. Па яе заказу быў створаны ўнікальны шэдэўр старабеларускага прыкладнога мастацтва – крыж, названы яе імем.
Прападобная Еўфрасіння Полацкая ўнесла неацэнны ўклад у захаванне духоўнага і нацыянальна-культурнага набытку беларускай зямлі, пакінуўшы нашчадкам мудрасць, асвету, яскравы прыклад бязмежнай любові да людзей.
Няхай справы беларускай асветніцы, прасякнутыя высокай духоўнасцю і любоўю, стануць узорам і стымулам для добрых спраў.