День волонтёра

Ангелы дабрыні

Ангелы дабрыні. Так называюць валанцёраў — людзей, якія па поклічу свайго сэрца дапамагаюць іншым. Пятага снежня больш за сто мільёнаў чалавек у свеце адзначылі Міжнародны дзень добраахвотнікаў у імя эканамічнага і сацыяльнага развіцця, а прасцей кажучы — Дзень валанцёраў. Гэта свята людзей, якія па поклічу свайго сэрца бязвыплатна дапамагаюць іншым, працуюць у дзіцячых дамах, шпіталях, дамах састарэлых і клапоцяцца пра бедных. Пружаны, якія заўсёды славіліся сваімі моцнымі валанцёрскімі традыцыямі, адзначылі свята «анёлаў дабра» на ўрачыстым мерапрыемстве, якое прайшло ў сярэдняй школе № 5.

Дзясяткі школьнікаў сабраліся ў актавай зале, каб павітаць пружанскіх «цімураўцаў» з рознаўзроставых ініцыятыўных груп, і падрыхтавалі для іх святочны канцэрт. Дар’я Велясевіч, Ангеліна Шумская, Аляксандр Румянцаў, Рэната Калюта, танцавальны калектыў «КарАлі», хор «Чырвоны гваздзік» пад кіраўніцтвам Святланы Машкала і многія іншыя артысты падарылі радасць тым, хто аднойчы і назаўсёды абраў шлях гуманізму, дабра і дапамогі блізкім і нічога не патрабуе ўзамен.
Першымі прымалі віншаванні юнакі з валанцёрскага атрада «Ад сэрца да сэрца», які быў створаны ў мінулым годзе ў СШ № 5 і сёння ўяўляе сабой вялікае дабрачыннае братэрства. Усё больш вучняў школы ўдзельнічае ў дабрачынных акцыях, дапамагае дзецям і моладзі з абмежаванымі магчымасцямі, ветэранам і адзінокім людзям.
Услед за старшакласнікамі віншаванні прымалі пяцікласнікі з новага валанцёрскага атрада «ПозитиF»: яны ўзялі на сябе адказнасць за апеку над некалькімі дзясяткамі пажылых валанцёраў — добраахвотнікаў Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа (БТЧК), якія таксама прысутнічалі ў зале і вылучаліся сярод гледачоў сваімі чырвонымі шалікамі, што ўжо сталі сусветным брэндам дабра і любові.

— Дзякуй усім за шчырыя віншаванні! Столькі цёплых слоў у адрас нашых ветэранаў мы не чулі ніколі, — адзначыла старшыня Пружанскай раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа Л.А. Лелікоўская, якая не па чутках ведае, што такое працаваць з людзьмі і як эфектыўна дапамагаць тым, каму гэта патрэбна.

Людміла Аляксандраўна азнаёміла гледачоў з асноўнымі напрамкамі работы сваёй арганізацыі па мабілізацыі гуманітарнага патэнцыялу грамадства (догляд за людзьмі, вышук зніклых без вестак, правядзенне трэнінгаў па бяспечных паводзінах для школьнікаў і моладзі, распаўсюджанне інфармацыі пра міжнароднае права і многае іншае) і перайшла да выдатнай місіі — афіцыйнага ўзнагароджання лепшых з лепшых прадстаўнікоў БТЧК.

За шматгадовую валанцёрскую дзейнасць і вернасць ідэям гуманізму ганаровай граматай абласной арганізацыі Чырвонага Крыжа і памятным падарункам была ўзнагароджана Галіна Канстанцінаўна Немцава, якой нядаўна споўнілася 90 гадоў. Услед за ёй падзячныя лісты атрымалі Н.М. Несцерава, Е.П. Шылава, С.В. Чарвяк, І.Ф. Карэтка і многія іншыя добраахвотнікі, актыўнасці і аптымізму якіх могуць пазайздросціць маладыя людзі.

Затым Людміла Аляксандраўна з радасцю ўручыла Пасведчанні валанцёраў Чырвонага Крыжа міжнароднага стандарту новым членам атрада «Ад сэрца да сэрца» і ўзнагародзіла граматамі самых актыўных з іх: Валерыю Зайкову, Яну Гагарыну і Дар’ю Глушко

Лагічным працягам свята валанцёраў стала ўручэнне членскіх білетаў і значкоў Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі трынаццаці вучням старэйшых класаў, якія вырашылі папоўніць валанцёрскі рух «Добрае Сэрца». Для віншавання на сцэну быў запрошаны першы сакратар Пружанскага раённага камітэта грамадскага аб’яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» А.М. Бабігорац:
— Узброіўшыся дэвізам: «Рабі тое, што ты можаш, з дапамогай таго, што ты маеш, там, дзе ты цяпер», наш саюз аб’ядноўвае неабыякавых людзей, тых, хто не збіраецца сядзець склаўшы рукі, а сам гатовы зрабіць асэнсаваным сваё жыццё і жыццё навакольных. Удзельнікі нашай арганізацыі — актыўныя, працавітыя, мэтанакіраваныя і адказныя людзі. Валанцёры — лепшы прыклад для астатняй моладзі. Яны імкнуцца прымнажаць сваё дабро і годна прадстаўляюць сваю дзейнасць на міжнароднай арэне. Вось нядаўна мы вярнуліся з Польшчы, дзе на працягу тыдня працавалі на міжнародным валанцёрскім форуме, праходзілі трэнінгі і прэзентавалі нашу тэатральную пастаноўку для дзяцей-сірот. Валанцёрскія справы жывыя і будуць жыць заўсёды, — аптымістычна падсумаваў сваё выступленне Аляксандр Мікалаевіч і ўзнагародзіў Ганаровымі граматамі раённага камітэта БРСМ і памятнымі падарункамі самых актыўных валанцёраў саюза — Аліну Суботу і Дар’ю Глушко.

Праявіць сябе новыя валанцёры могуць ужо сёння: у СШ № 5 стартавала штогадовая рэспубліканская дабрачынная акцыя «Цуды на Каляды!». Яе сімвалам з’яўляюцца чырвоныя рукавічкі, якія адлюстроўваюць імкненне моладзі акружыць адзінокіх людзей клопатам, увагай, асабліва ў святочныя навагоднія дні. Дык пажадаем ім поспеху!
Ляціце, «анёлы дабра», рабіце гэты свет чысцейшым і святлейшым!
Алена ЗЯЛЕВІЧ, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота)

Газета «Раённыя будні».

 

Добавить комментарий