Інклюзіўная акцыя «Разам весела крочыць»
У мінулую пятніцу на галоўнай гарадской плошчы было асабліва весела: святочную атмасферу падтрымлівалі шчырыя ўсмешкі і звонкі смех дзяцей, якія ўтварылі тут пяць вясёлых рознакаляровых калеек, што пацягнуліся да сцэны. Менавіта столькі каманд з гарадской дзятвы прыняло ўдзел у раённай інклюзіўнай акцыі «Разам весела крочыць», якую наладзілі спецыялісты раённага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі.
Акцыя праводзілася ў форме масавага спартыўнага мерапрыемства ў рамках рэалізацыі праекта «Талерантнасць… Пачні з сябе!» і была прымеркаваная да Сусветнага дня здароўя, які традыцыйна адзначаецца ў многіх краінах 7 красавіка.
Пра тое, што здароўе і спорт непадзельныя, сведчылі шматлікія плакаты з лозунгамі накшталт такога: «Каб здаровым, моцным быць, трэба спорт, сябры, любіць». Трымалі такія плакаты «асаблівыя» маладыя людзі — інваліды аддзялення дзённага знаходжання Пружанскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.
Разам з імі ўдзельнікамі акцыі сталі выхаванцы карэкцыйнага цэнтра, навучэнцы класаў інтэграванага навучання і выхавання і надомнага навучання, іх класныя кіраўнікі, настаўнікі-дэфектолагі і, вядома ж, шматлікія валанцёры. Але самае галоўнае, па-сяброўску падтрымаць тых, хто з-за свайго здароўя не такі спрытны, як іншыя, і не можа разам з усімі хадзіць у звычайную школу, прыйшлі навучэнцы 3-4 класаў гарадскіх школ. Папярэдне на класных гадзінах яны прайшлі адмысловы інструктаж і ўсвядомілі, што «асаблівыя» аднагодкі таксама маюць патрэбу ў падтрымцы, душэўным цяпле і павазе, як і звычайныя людзі.
Каб даказаць усім, што назва акцыі не проста прыгожыя словы, яе арганізатары прапанавалі ўсім дзецям прайсці спецыяльныя эстафеты, каб даказаць сваю гатоўнасць працягнуць руку дапамогі «асаблівым» сябрам, нягледзячы на іх фізічныя магчымасці і настрой.
Такім чынам, акцыя аб’яднала пяць гарадскіх школ, пяць каманд, у кожную з якіх былі запрошаны «асаблівыя» дзеці, якім дапамагалі валанцёры атрада Чырвонага Крыжа «Ад сэрца да сэрца» з СШ №5 пад кіраўніцтвам Наталлі Бармута і члены атрада «Інсайт» СШ №4 пад кіраўніцтвам Алены Мізюкевіч.
Дзеці прынялі ўдзел у калектыўных гульнях на ўзаемавыручку, пагулялі з клоўнам Пончыкам, а ў канцы ўсе разам зрабілі масавую зарадку-флэшмоб, у якой актыўны ўдзел прынялі і дарослыя: настаўнікі, бацькі і нават выпадковыя прахожыя. Атмасферу сардэчнасці і добразычлівасці, узаемнай павагі і разумення, міласэрнасці і талерантнасці, якая панавала на плошчы, адчулі абсалютна ўсе.
Алена ЗЯЛЕВІЧ