МАЙСТРЫ НАРОДНАЙ ТВОРЧАСЦІ

Голубеў Аляксандр Дзмітрыевіч (в.Слабудка). Бондарства

Бондарства – гэта старадаўняе рамяство па вырабу посуду з драўляных клёпак: бочак, кубельцаў, цэбараў, вёдзер, ночваў, балей, біянак і інш.

Майстрам бондарскай справы на Пружаншчыне з’яўляецца жыхар в.Слабудка Аляксандр Дзмітрыевіч Голубеў. Былы вайсковец служыў шмат у якіх кутках Савецкага Саюза – Забайкаллі, Грузіі, Азербайджане, Ленінградзе, Маскве і артылерыйскім полку ў Слабудцы. Ён закончыў Ташкенцкі ўніверсітэт, ваеннае вучылішча ў Разані і акадэмію ў Ленінградзе.

Пасля выхаду ў адстаўку Аляксандр Дзмітрыевіч захапіўся дрэваапрацоўкай. Ён вывучаў спецыяльную літаратуру, шукаў розныя схемы і сакрэты па вырабу твораў з натуральнага дрэва ў часопісах і Інтэрнэце. Асабліва яго зацікавіла бондарства. Пераймаў вопыт бандарнай вытворчасці ў майстра з Іванаўскага раёна, таму што на Пружаншчыне такіх спецыялістаў не знайшоў.

Сёння А.Д.Голубеў сапраўдны майстар бондарскай справы. Ён умее адчуваваць дрэва, ведае ўласцівасці матэрыялу, з якім працуе, дасканала валодае бандарнымі інструментамі, тонка адчувае пластыку дрэва. Ведаючы якасці пэўных парод, ён умела выкарыстоўвае іх пры вырабе розных відаў посуду. За гады сваёй працы ўжо набыў нямала сакрэтаў.

Умелыя рукі майстра ствараюць не толькі бочкі, але і крэслы-качалкі, табурэткі, дзіцячыя саначкі, драбінкі для дома, шазлонгі, бочачкі для захоўвання дамашняга віна і інш.

Неаднойчы майстар-бондар Аляксандр Дзмітрыевіч Голубеў прадстаўляў свае творы на кірмашах і выставах.

 

Добавить комментарий