Наши достижения

Шлях да поспеху

Прадметны алімпіядны рух у Беларусі заўсёды быў вельмі папулярным у школьным асяроддзі, паколькі дазваляў дзецям не толькі праверыць свае веды ў «экстрэмальных» умовах, але і атрымаць пэўны бонус пры паступленні ва ўніверсітэт. Не стаў выключэннем і гэты год: больш за 7 тысяч беларускіх школьнікаў прыняло ўдзел у абласных этапах рэспубліканскай алімпіяды. Прадэманстравалі свае глыбокія веды ў розных навуковых сферах і пружанскія вучні. Пра тое, як стаць прызёрам і нават пераможцам алімпіяды, наша гутарка з лепшымі з іх.

Лізавета Люсцібер, вучаніца 10 «А» класа СШ № 5, атрымала дыплом I ступені на абласной алімпіядзе па вучэбным прадмеце «Фізічная культура і здароўе», якая ўпершыню прайшла ў краіне:

— Упершыню я выступала не за гонар ДЮСШ, а за сваю адукацыйную школу, таму падвесці яе не магла. Магчыма, улічваючы маю спартыўную падрыхтоўку, мне ў нечым было лягчэй, чым іншым: я змагла вызначыцца ў плаванні (гэта мой канёк!), у валейболе (дзякуй генам за высокі рост!) і на добрым узроўні прайшла тэст па асновах фізічнай падрыхтоўкі (скачок у даўжыню з месца, падыманне тулава, чаўночны бег і г.д.). Без праблем адолела і тэарэтычны этап. За добры вынік хачу, перш за ўсё, падзякаваць свайму трэнеру па плаванні Сяргею Аляксандравічу Калядзе і школьнаму настаўніку Васілю Міхайлавічу Жуку, без дапамогі якіх я не справілася б.
Як адзначаюць настаўнікі, гэтая дзяўчына вылучаецца не толькі ў спартыўных дысцыплінах. Ліза ўваходзіць у лік лепшых вучняў фізіка-матэматычнага профілю. Яна не толькі эрудзіраваная, але і добразычлівая: заўсёды гатова падтрымаць сваіх сяброў у цяжкую мінуту.

Таццяна Мытнік, вучаніца 10 «А» класа СШ № 5, атрымала дыплом II ступені па рускай мове і літаратуры:

— Сакрэт майго поспеху ў тым, што я вучуся ў добрага настаўніка. Завуць яе Алена Уладзіміраўна Вайцяховіч, менавіта яна разгледзела і дапамагла развіць мае філалагічныя здольнасці. Менавіта яна прывіла жаданне шмат чытаць, аналізаваць прачытанае і смела выказваць свае думкі, згаджацца ці не з аўтарам. І гэта мне вельмі дапамагло пры напісанні на алімпіядзе водгуку на твор і пры вусным выказванні. Асаблівы дзякуй Алене Уладзіміраўне за падказку прачытаць кнігу акадэміка Дзмітрыя Ліхачова «Лісты пра добрае і прыгожае». Гэты твор пра найвялікшыя духоўныя каштоўнасці чалавецтва, пра прыгажосць навакольнага свету стаў маёй настольнай кнігай. Цяпер у мяне ёсць мэта і сэнс жыцця. І наперадзе — новыя перамогі.
Цікава, што звязваць сваю будучыню з філалогіяй Таццяна не плануе, паколькі марыць стаць урачом. Аднак, як жартуюць яе сябры і настаўнікі, затое з яе атрымаецца вельмі пісьменны доктар.

Надзея Жалязоўская, вучаніца 9 «А» класа СШ № 5, дыпламантка III ступені ў алімпіядзе па абслугоўваючай працы:

— Няма ў мяне ніякіх сакрэтаў. Проста я з малых гадоў па прыкладзе мамы і старэйшай сястрычкі вельмі люблю рукадзельнічаць. І раблю гэта, не спяшаючыся, удумліва, старанна. Такая праца мяне супакойвае. У цэлым такі школьны прадмет, як абслугоўваючая праца, не выклікае ў мяне страху ў адрозненне ад той жа матэматыкі. Кропельку ўседлівасці, цярпення — і ўсё атрымаецца ў кожнага.
На алімпіядзе Надзеі неабходна было вырабіць арыгінальны сэт — спецыяльную сурвэтку-падстаўку пад гарачае, якая можа замяніць абрус пры сервіроўцы стала. І дзяўчына ўразіла журы сваім асаблівым поглядам на, здавалася б, простую рэч, пераўтварыўшы яе ў твор мастацтва. Надзя самастойна прыдумала складаную схему дэкаратыўных элементаў сэта і звязала іх кручком. “Разумніца, ініцыятыўная, ураўнаважаная і патрабавальная да сябе. У яе заўсёды ўсё атрымліваецца на 10 балаў” — так каментуе перамогу сваёй выхаванкі настаўніца працоўнага навучання Ірына Васільеўна Субота.

Ірына Касюк, вучаніца 11 «А» класа СШ № 5, узнагароджана дыпломам III ступені па рускай мове і літаратуры:

— Я — гуманітарый, які доўга не мог вызначыцца: руская ці англійская мовы. Але, дзякуючы настаўніцы Алене Уладзіміраўне Вайцяховіч, якая прывіла мне асаблівую любоў да рускай літаратуры, я зразумела, што сапраўдны філолаг зможа сумяшчаць усё: Чэхава і Шэкспіра, Дастаеўскага і Бронтэ. Так і атрымалася. Галоўны сакрэт майго поспеху — як мага больш чытаць разнастайнай літаратуры і як мага часцей паўтараць асноўныя правілы граматыкі розных моў. Толькі тады разумееш, што той жа рускі алфавіт, гукі і іх спалучэнні, з якіх усё пачынаецца, здольныя тварыць цуды. У рускай мове велізарная колькасць нормаў і правілаў і яшчэ больш розных выключэнняў, што робіць яго адным з самых складаных для вывучэння моў свету. Упэўнена: асвоіш рускую — асвоіш і любую іншую мову свету.
Што цікава, Ірына плануе стаць студэнткай эканамічнага факультэта вядучага дзяржаўнага ўніверсітэта і марыць у далейшым па праграме абмену студэнтамі павучыцца ў якой-небудзь англійскай вышэйшай навучальнай установе, паколькі дзяўчыне падабаецца англійскай культура з яе трывалымі традыцыямі, славутай літаратурай і багатай гісторыяй.

Алена Зялевіч, фота Сяргея Талашкевіча.

Газета «Раённыя будні» www.budni.by/?p=34556

Добавить комментарий