Яроцкая Людміла Міхайлаўна (в.Смаляніца). Ткацтва, вышыўка
Яроцкая Людміла Міхайлаўна – майстар па ткацтву і вышыўцы. Нарадзілася ў 1961 г. у в.Смаяляніца Пружанскага раёна.
Тчэ ручнікі, посцілкі, палавікі, паясы. Гэтаму рамяству Людмілу Міхайлаўну навучыла маці. Свой ткацкі станок яна перанясла ў Навасёлкаўскі сельскі Дом культуры, дзе працуе кіраўніком студыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
У майстрыхі шмат захапленняў: вышыўка, дэкупаж, канзашы, шыццё, вязанне. Радуюць вока вышытыя гладдзю і крыжыкам ручнікі, посцілкі, карціны, сурвэткі, настольніцы. А яшчэ яна добрая швачка, займаецца рэстаўрацыяй і аднаўленнем народнага касцюма. Людміла Яроцкая цудоўна гатуе стравы нацыянальнай кухні, выпякае духмяныя караваі на вяселлі. Свае веды і майстэрства перадае падрастаючаму пакаленню.
Л.М.Яроцкая зберагае народныя абрады і традыцыі, ведае шмат мясцовых песень. Яна з’яўляецца ўдзельніцай народнага аматарскага аб’яднання “Смаляначка” Навасёлкаўскага сельскага Дома культуры.
Людміла Міхайлаўна Яроцкая – удзельніца шматлікіх раённых, абласных і рэспубліканскіх выстаў. Яна неаднаразова ўзнагароджвалася Ганаровымі граматамі і Дыпломамі. У 2022 г. майстар занесена на Дошку гонару Пружанскага раёна.