МАЙСТРЫ НАРОДНАЙ ТВОРЧАСЦІ

Малышэўскі Юрый Станіслававіч (г.п.Ружаны). Выцінанка

Малышэўскі Юрый Станіслававіч – майстар выцінанкі, рознабаковая таленавітая асоба.

Нарадзіўся 10 студзеня 1956 г. у г.Ніжнеўдзінск Іркуцкай вобл. (Расія).

У дзяцінстве сям’я Малышэўскіх пераехала ў Ружаны, дзе Юрый жыве і сёння. Багатае гістарычнае мінулае мястэчка абудзіла ў яго цікавасць да краязнаўства, культурнай спадчыны роднага краю. Яшчэ ў школьныя гады Юрый пачаў займацца мастацтвам, наведваў гурток будучага вядомага плакатыста Уладзіміра Крукоўскага.

Пасля службы ў арміі Юрый Малышэўскі працаваў мастаком-афарміцелем у розных установах. У 1986 г. ён закончыў факультэт жывапісу і графікі Маскоўскага завочнага народнага ўніверсітэта мастацтваў імя Н.К.Крупскай.

У 1980-я г. ён захапіўся выцінанкай. На яго станаўленне як майстра гэтага віду дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва асаблівы ўплыў аказаў Міхаіл Варанецкі, настаяцель рымска-каталіцкага прыхода ў Ружанах, які займаўся выцінанкай. Таксама Малышэўскі вывучаў творчасць беларускага майстра выцінанкі Вячаслава Дубінкі.

У развіцці сучаснай беларускай выцінанкі творчасць Малышэўскага займае адметнае месца. Яго работы вылучае асаблівы творчы почырк, зварот да багатай гісторыі беларускага народа, яго сучаснасці і традыцый.

Выцінанкі Юрыя Станіслававіча не зусім «класічныя». Складанасць ракурсаў, рэалістычнасць вырашэння фігур больш нагадваюць стылістыку сілуэта, нездарма майстар часцей карыстаецца кравецкім нажом, а не нажніцамі.

Сярод любімых тэм мастака – лес і яго насельнікі, таму што паблізу Ружанская, Шарашоўская і Белавежская пушчы, і мінуўшчына старажытнага мястэчка Ружаны.

Ю.С.Малышэўскі лаўрэат міжнародных, усесаюзных, рэспубліканскіх, абласных выстаў, уладальнік шматлікіх дыпломаў і грамат фестываляў, конкурсаў і выстаў народнага мастацтва. З 1997 г. ён з’яўляецца членам Беларускага саюза народных майстроў.

Работы Юрыя Станіслававіча не раз экспанаваліся на выставах у розных гарадах Беларусі, Расіі і Польшчы. Персанальныя выставы майстра адбыліся ў Пружанах, Ружанах, Кобрыне, Пінску, Брэсце, Магілёве. Яго творы захоўваюцца ў прыватных калекцыях жыхароў Беларусі і іншых краін свету.

Сёння творы Малышэўскага можна сустрэць у многіх выданнях і мастацкіх паліграфічных альбомах, прысвечаных гэтаму віду дэкаратыўнага мастацтва. Так, працы майстра склалі мастацкую частку афармлення арт-выдання “Kalendarz Poleski 2014”.

Прадукцыю з выявай выцінанак Малышэўскага сёння вырабляе пружанская друкарня. Падчас падрыхтоўкі да абласнога свята “Дажынкі – 2019” ў Ружанах выявы з выцінанкамі майстра ўпрыгожылі сцяну Цэнтра культуры і вольнага часу і шматпавярховы дом па вул.Урбановіча.

“Ружанская выцінанка” Юрыя Малышэўскага – гэта своеасаблівы брэнд пасёлка.

 

Добавить комментарий